Прэс-канферэнцыя ў тэатры

     14 сакавіка адбылася прэс-канферэнцыя для СМІ, прысвечаная будучай прэм’еры  «Час і сям'я», па п'есе Д. Б. Прыстлі «Час і сям'я Конвей», якая адбудзецца 17 і 19 мая. На канферэнцыі прысутнічалі рэжысёр спектакля Генадзь Мушперт і выканаўца ролі Робіна - Аляксандр Калагрыў.
      Асноўнай думкай, якую выказаў рэжысёр, была думка пра тое, што спектакль паказвае жыццё такім як яно ёсць. Яшчэ 40 гадоў таму, нічога незвычайнага ў такой пастаноўцы не было б, таму што тэатр часта звяртаўся да жанру «жыццё, як яно ёсць». Нельга не пагадзіцца з гэтым поглядам. У цяперашні час рэпертуар тэатра (не толькі гродзенскага) мае шмат камедый, сучасных (тэхнічна) пастановак. Сталі моднымі спектаклі, якія змяшчаюць шмат знакаў, якія выдаюць прыгожы відэашэраг і ўсё менш прымушаюць думаць пра рэальнае жыццё. У новым спектаклі ёсць пра што разважаць. Чаму аўтар забірае жыццё ў той, якая больш за ўсіх яго любіць? Чаму мы жывем побач з тымі, кім  пагарджалі калісьці? Мноства пытанняў ставіцца перад гледачамі і, галоўнае з іх - ці маглі б мы змяніць нешта, зазірнуўшы ў будучыню і ці варта было б гэта рабіць? Нягледзячы на тое, што час змяняе жыццё, бывае,  не ў лепшы бок, спектакль не атрымаўся «чорным». Ён нагадвае пра тое, што калі б мы ўсё ж такі змаглі зазірнуць у будучыню, наколькі больш уважлівымі былі б да сваіх блізкіх, як шанавалі б жыццё ва ўсіх яго праявах! Нечаканы адказ атрымалі ад рэжысёра на пытанне аб тым, чаму да пастаноўкі была ўзятая менавіта гэтая п'еса.
     - Я не магу паставіць ніводнай п'есы Чэхава. Пасля таго, як мільён таленавітых рэжысёраў паставілі «Чайку», я зразумеў, што мне гэтага рабіць не варта! Прыстлі ніколі не хаваў, што драматургія Чэхава для яго з'яўляецца эталонам і ўсе гэтыя супадзенні не выпадковыя і добра прадуманы аўтарам. Большасць сюжэтных хадоў вельмі нагадваюць Чэхаўскія п'есы. Маёмасныя праблемы сям'і тыя ж, што і ў герояў «Вішнёвага саду». Суседка Джаан - Наташа з п'есы «Тры сястры», старэйшы сын мамы Конвей Алан - тыповы вобраз інтэлігента, прадстаўлены Чэхавым у вобразе Андрэя Прозарава («Тры сястры»), паспяховы і валявы прадпрымальнік Эрнэст Біверс нагадае Лапахіна з «Вішнёвага саду». А мама Конвей - чэхаўскія і Ранеўская («Вішнёвы сад»), і Аркадзіна («Чайка»), - распавёў рэжысёр.
   Так што, можна сказаць, што Генадзь Мушперт пры пастаноўцы п'есы выканаў дзве задачы - падняў актуальную на сёння тэму і апасродкавана дакрануўся да творчасці Чэхава.
1 Зорка2 Зорка3 Зорка4 Зорка5 Зорка (Пакуль адзнак няма)
Загрузка...

Комментарии закрыты.