Заканчваюцца яркія сонечныя дзянькі, вуліцы сталі ажыўленымі, напоўніліся галасамі адпачылых гараджан і шумам дзятвы. Самы час пасля адпускнога сезона атрымаць ежу духоўную і наведаць Гродзенскі абласны драматычны тэатр, які адкрыў новы 72 сезон. І, каб ты, дарагі глядач, не сумаваў доўгімі восеньскімі вечарамі ля тэлевізара, мы нястомна працавалі для таго, каб парадаваць новымі прэм'ерамі ў гэтым сезоне.
Такім чынам, першая прэм'ера – спектакль "Сэкс, каханне і падаткі" па п'есе Уільяма Ван Занда і Джэйн Мілмар ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Генадзя Мушперта. Гэта камедыя пра маладых людзей. Асноўная думка спектакля заключаецца ў тым, што вельмі шкодна ў маладосці занадта шмат думаць пра грошы. Гэта можа прывесці да непрадказальных падзей! Якім, даведаецеся, калі прыйдзеце на спектакль, прэм'ера якога адбудзецца ўжо зусім хутка-29 і 30 верасня.
Гродзенскі тэатр рэгулярна адгукаецца на цікавыя, не кожнаму вядомыя святы. Не застаўся ўбаку і ад Сусветнага дня прывітанняў і 21 лістапада запрашае гледачоў на тэатральна-музычнае прадстаўленне «Дуэты». Ідэя канцэрта належыць загадчыку музычнай часткай тэатра Анатолю Кандыбе. Спадзяемся глядач атрымае праўдзівую асалоду і прыме ўдзел у гэтым выдатным міжнародным свяце!
Наступны спектакль з'явіцца ў нашай афішы ў снежні. Гэта навагоднія прыгоды на сцэне, у цэнтры якіх два казачныя персанажы - Снягурка і Кікімара, але на самой справе гэта гісторыя пра двух дзяўчынак, чые характары мы падгледзелі ў гродзенскіх школах.
"Калі мы, мёртвыя, абуджаемся". Генрык Ібсэн. Такую інтрыгуючую назву п'есы, якую паставіць на нашай сцэне галоўны рэжысёр Магілёўскага драматычнага тэатра Саўлюс Варнас. Новага рэжысёра заўсёды чакаюць, заўсёды цікава, што ён прапануе гледачу ... " Што застаецца пасля сустрэчы з мастацтвам?"- спытаў сябе неяк пісьменнік Роберт Музіль і адказаў: « застаемся мы самі, толькі - змененыя " Гэтай змены часцей за ўсё не адбываецца. Таму што прасочваецца банальны сюжэт, і глядач нават патрабуе яго, каб змог пацешыцца. Але задача мастацтва зусім іншая. Калі змены не адбываецца, тады які сэнс усё гэта рабіць? Калі мы не вядзем чалавека ў цішыню, у размову са сваім лёсам, калі тэатр не даходзіць да метафізікі, то для мяне ён наогул не існуе. Я маментальна забываю такія спектаклі. Быў - не быў?.." (з інтэрв'ю Саўлюса Варнаса газеце "СБ" за 29.06.2018). Ці зможа рэжысёр змяніць нас, выклікаць на размову з лёсам, пабачым у сакавіку наступнага года!
У сярэдзіне мая зноў сустрэча з нашым "родным" галоўным рэжысёрам Г. Мушпертам. Д. Б. Прыстлі "Час і сям'я Конвей". Сямейная драма, у якой аўтар прапануе вельмі займальную гульню з часам. Мы бачым персанажаў маладымі, потым старэйшымі, а потым... зноў маладымі! Аўтар як бы дае персанажам шанец выправіць тое, што прывяло да драмы ў другой частцы. У цэнтры сюжэту маці і шасцёра дзяцей.
І апошняй падзеяй тэатральнага сезона стане пастаноўка рэжысёра тэатра Сяргея Курыленкі. Французская камедыя "Грошы як з вядра" з элементамі тэатра абсурду, якая задае цалкам сур'ёзныя пытанні, напісаная Себасцьянам Цьеры, якога крытыкі называюць новай зоркай французскай драматургіі. Спектакль стаў самай гучнай тэатральнай падзеяй сезону 2012 года ў Францыі.
Вось такім багатым на пастаноўкі стане новы тэатральны сезон. Па словах галоўнага рэжысёра, рэпертуарная палітыка тая ж, што і ў мінулыя гады: да пастаноўкі трэба браць п'есы, якія дапамагаюць людзям жыць. Запрошаны рэжысёр паставіць класіку. Таму, дарагі глядач, прыходзь да нас, разам будзем дарыць адзін аднаму радасць і разам перажываць нягоды гэтага жыцця.
Сардэчна запрашаем!