Новы сезон адкрыты

Паважаныя гледачы!

Вось і пачаўся новы, 71-ы, тэатральны сезон. Якім ён будзе? Вядома ж яркім, насычаным і запамінальным, бо ў гэтым годзе тэатр святкуе юбілей. Будзе шмат новых спектакляў, цікавых падзей, святаў і гастроляў.

Вас чакае мноства прэм'ер, першая з якіх – спектакль «Святыя пачвары» - намечана на канец верасня. Гэты спектакль па п'есе французскага драматурга Жана Както паставіць Генадзь Мушперт. Калі вы хочаце даведацца, якія страсці бушуюць за кулісамі, не прапусціце гэтую прэм'еру.

11 верасня, у рамках штогадовага міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая вежа», наш калектыў прадставіць на вялікай сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы спектакль «451 па Фарэнгейце». Гэты ж спектакль змогуць ацаніць жыхары і госці Бранска на міжнародным фестывалі тэатральнага мастацтва «Славянскія тэатральныя сустрэчы» вясной 2018 г. Іншыя нашы пастаноўкі падчас гастрольных паездак убачаць гледачы Мінска і Маладзечна.

Нашаму тэатру спаўняецца 70 гадоў. І ўжо зусім хутка, 20 кастрычніка, мы запросім вас на святочны канцэрт, прысвечаны юбілею тэатра.

Пад Новы год рэжысёр Аляксандр Глотаў разам з нашымі акцёрамі прыгатуе для маленькіх гледачоў навагодні спектакль «Прыгоды з чароўным сундучком». Гэта дзіўная і павучальная, а галоўнае, праўдзівая гісторыя, якая адбылася напярэдадні Новага года з казачнымі героямі, якія жывуць у казачных гарадах.

У канцы сакавіка – пачатку красавіка тэатр прапануе гарадзенцам і гасцям нашага горада яшчэ дзве прэм'еры.

Спектакль «Самазабойца» па п'есе Н.Эрдмана паставіць рэжысёр Сяргей Курыленка. Станіслаўскі параўноўваў гэтую п'есу – якая у эксцэнтрычнай і гратэскавай форме распавядае пра ўзаемаадносіны моцных свету гэтага і простага чалавека – з «Рэвізорам» Гогаля.

Галоўны рэжысёр тэатра Генадзь Мушперт зноў звернецца да творчасці Э.Э.Шміта і прадставіць спектакль «Малыя сямейныя злачынства». Гэта бліскучы дыялог мужа і жонкі, поўны тонкага гумару і глыбокага драматызму. Гэта спроба высветліць няпростыя адносіны. Гэта спрэчка аб тым, што ж такое на самай справе сям'я і каханне.

У пачатку лета актрыса тэатра Аксана Машынкова прапануе сваю інтэрпрэтацыю п'есы ўкраінскага драматурга М.Ладо «Вельмі простая гісторыя». Гэта чароўная казка пра каханне, у якой сумуюць, весяляцца, улюбляюцца, нараджаюць, граюць на гармоніку, разважаюць аб жыцці і смерці.

У верасні і снежні рушаць услед яшчэ дзве прэм'еры ад Генадзя Мушперта: «Час і сям'я Конвей» па п'есе Д.Б.Прыстлі і «Сэкс, каханне і падаткі» па п'есе У. Ван Занда і Дж.Мілмар.

«Час і сям'я Конвей» – гісторыя пра тое, як часам недарэчна праходзіць жыццё, а час забівае ілюзіі маладосці, пакідаючы ў душы горыч і шкадаванне аб няздзейсненых марах.

«Сэкс, каханне і падаткі» – камедыя становішчаў, у якой распавядаецца, на якія ахвяры і хітрыкі гатовы пайсці галоўныя героі, каб толькі заплаціць дзяржаве менш падаткаў.

Акрамя таго, на працягу ўсяго сезону мы будзем прымаць  на нашай сцэне гасцей з іншых тэатраў. Сачыце за афішай!

Прыходзьце, уладкоўвайцеся, адпачывайце! Мы будзем рады бачыць вас!

1 Зорка2 Зорка3 Зорка4 Зорка5 Зорка (Пакуль адзнак няма)
Загрузка...

Комментарии закрыты.